Skip to main content

Беларусь: рэпрэсіі адвакатаў-праваабаронцаў у Беларусі

Прыгнёт і судовыя пераследы; татальны кантроль дзяржавы над адвакатурай

Максим Знак, бывший адвокат Минской областной коллегии адвокатов и бывший профессор права Белорусского государственного университета, находящийся в заключении после политически мотивированного судебного процесса, во время судебного заседания в Минске, Беларусь, 6 сентября 2021 года.  © 2021 Ramil Nasibulin/BelTA pool photo via AP
  • У Беларусі адвакаты, якія прадстаўляюць інтарэсы кліентаў у палітычна матываваных справах або выказваюцца аб парушэннях правоў, сутыкаюцца з сістэматычнымі і шырокамаштабнымі рэпрэсіямі.
  • Беларускія ўлады ўзялі пад свой кантроль адвакатуру, падарваўшы яе незалежнасць; калегіі адвакатаў сталі прыладай дзяржаўнага парадку і рэпрэсій.
  • Рэспубліцы Беларусь трэба спыніць усе палітычна матываваныя дзеянні, накіраваныя супраць адвакатаў, і стварыць нармальны працоўны клімат для выканання імі сваіх прафесійных абавязкаў.


(Вільнюс, 27 траўня 2024 г.) — Беларускія ўлады разгарнулі сістэматычныя і шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы кліентаў у палітычна матываваных справах або праліваюць святло на парушэнні правоў», — пра гэта заяўляюць у апублікаваным сёння дакладзе Human Rights Watch, Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека і праект «Права на абарону».

У 95-старонкавым дакладзе «Урачыста клянуся чэсна і добрасумленна выконваць абавязкі адваката: палітычна матываваныя пераследы адвакатаў-праваабаронцаў у Беларусі» дакументальна пацвярджаецца практычна поўны кантроль над адвакатурай у Беларусі і рэпрэсіі, накіраваныя супраць адвакатаў-праваабаронцаў, з боку ўрада Аляксандра Лукашэнка. 

«Сістэматычна пераследуючы адвакатаў-праваабаронцаў, ушчамляючы іх правы і парушаючы правы іх падабаронных па палітычна матываваных справах, беларускія ўлады ператварылі судовую сістэму ў здзек з правасуддзя і пазбавілі беларусаў права на справядлівы судовы разгляд і роўную абарону перад законам», — кажа Анастасія Круапэ, малодшая даследчыца Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі. «Беларусь павінна пакласці канец палітычна матываваным пераследам адвакатаў і аднавіць незалежнасць адвакатуры.»

У перыяд з верасня 2023 г. па красавік 2024 г. Human Rights Watch апытала 19 беларускіх адвакатаў і прааналізавала публікацыі на сайтах калегій адвакатаў за апошнія тры гады. Сумесна з Беларускай асацыяцыяй адвакатаў правоў чалавека (БААПЧ) і праектам «Права на абарону» Human Rights Watch таксама прааналізавала больш за 140 выпадкаў пазбаўлення адвакатаў ліцэнзій, пра што стала вядома з агульнадаступных крыніц і ўзятых інтэрв'ю, і выявіла заканамернасці адвольнага і палітычна матываванага адклікання ліцэнзій.

Пераслед урадам адвакатаў-праваабаронцаў з'яўляецца часткай шырэйшага падаўлення любых формаў іншадумства, якое праводзіцца ўрадам, якое ахапіла краіну напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і масавых грамадскіх пратэстаў супраць спробаў Лукашэнкі пакінуць за сабой пасаду прэзідэнта на шосты тэрмін запар. 

У сваіх дакладах за 2023 і 2024 гады Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека сведчыць аб тым, што парушэнні беларускіх уладаў падчас іх намаганняў па выкараненні ўсіх формаў іншадумства «могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці», у тым ліку да  злачынства ў форме пераследу».

У Беларусі адвакаты з'яўляюцца ратавальным кругам для сваіх кліентаў, якіх пераследуюць за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў ці за спробу абараніць правы чалавека і асноўныя свабоды. Кліенты ў такіх выпадках сутыкаюцца з сур'ёзнымі парушэннямі правоў, уключаючы катаванні і іншыя формы жорсткага абыходжання, і часта ўтрымліваюцца ў больш суровых умовах, чым астатнія зняволеныя. 

Беларускія ўлады ствараюць шматлікія перашкоды, якія не дазваляюць адвакатам эфектыўна выконваць свае прафесійныя абавязкі з моманту, калі яны бяруцца за палітычна матываваную справу. Улады адмаўляюць адвакатам у доступе да сваіх кліентаў, а таксама падслухоўваюць і запісваюць канфідэнцыйныя размовы паміж адвакатамі і кліентамі. Улады таксама падрываюць абарону, прымушаючы адвакатаў даваць падпіскі аб неразгалошванні з шырокімі абавязальніцтвамі і адвольна робячы судовыя працэсы закрытымі для грамадскасці, што не дазваляе адвакатам дзяліцца матэрыяламі справы з незалежнымі экспертамі або выкрываць сур'ёзныя парушэнні правоў сваіх кліентаў перад грамадскасцю.

Упершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі адвакатаў саджаюць за краты па палітычных абвінавачаннях у помсту за абарону інтарэсаў сваіх кліентаў у палітычна матываваных справах. Як мінімум шэсць адвакатаў — Максім Знак, Аляксандр Данілевіч, Віталь Брагінец, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юргілевіч і Аляксей Бародка — зараз адбываюць тэрміны зняволення ад 6 да 10 гадоў па сфабрыкаваных палітычна матываваных абвінавачаннях. 

З восені 2020 года беларускія ўлады адвольна арыштавалі сама меней 23 адвакатаў, а потым выкарыстоўвалі гэтыя арышты як падставу, каб адхіліць іх ад прадстаўлення інтарэсаў сваіх кліентаў у палітычна матываваных справах і адклікаць у іх ліцэнзіі. Многія адвакаты былі адвольна затрыманы і дапытаны, а таксама падвяргаліся іншым пераследам і пагрозам.

«Нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў, беларускія адвакаты-праваабаронцы адмовіліся спыняць сваю працу толькі таму, што ў іх адклікалі ліцэнзіі», — кажа Марыя Колесава-Гудзіліна, прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека (БААПЧ). «Нават у выгнанні нашы адвакаты працягваюць барацьбу, выкарыстоўваючы механізмы міжнароднай абароны, каб дабіцца прыцягнення вінаватых да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.»

У парушэнне міжнародных прынцыпаў, якія абараняюць незалежнасць адвакатуры, Міністэрства юстыцыі поўнасцю кантралюе адвакатуру ў Беларусі, ажыццяўляючы нагляд за допускам адвакатаў у прафесію, маючы права адклікаць адвакацкія ліцэнзіі, рэгуляваць парадак выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў і пазбаўляць органы адвакацкага самакіравання ўсіх рэшткаў незалежнасці. Прэзідэнт Лукашэнка заявіў, што працу адваката трэба разглядаць як працу «дзяржаўнага чалавека», які выконвае задачы, пастаўленыя дзяржавай, і абараняе яе інтарэсы.

З прычыны кантролю за фармаваннем выканаўчых органаў беларускай адвакатуры і іх працай Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў і абласныя калегіі адвакатаў не могуць лічыцца незалежнымі органамі самакіравання, якія прадстаўляюць інтарэсы ўсіх адвакатаў Беларусі — так кажуць ў апытаных гуртах юрыстаў.

Пасля ўнясення істотных паправак у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» у 2021 годзе адвакаты больш не могуць працаваць індывідуальна або адкрываць адвакацкія бюро. Замест гэтага яны павінны ажыццяўляць дзейнасць у структуры юрыдычных кансультацый, якія ствараюцца і кантралююцца абласнымі калегіямі адвакатаў па ўзгадненні з Міністэрствам юстыцыі. 

Беларускім уладам трэба неадкладна спыніць палітычна матываваныя пераследы, пакласці канец усім пераследам і нападкам на адвакатаў, і стварыць умовы для таго, каб яны маглі выконваць свае прафесійныя абавязкі без умяшанняў з боку і не баючыся рэпрэсій. Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў трэба пакласці канец палітычна матываваным рэпрэсіям, накіраваным на яе чальцоў, трэба абараняць інтарэсы адвакатаў і іх кліентаў, а таксама забяспечваць незалежнасць адвакатуры.

Міжнародным суб'ектам трэба заклікаць беларускія ўлады выконваць іх міжнародныя абавязацельствы, спыніць выкарыстоўваць судовую сістэму ў якасці інструмента рэпрэсій, вызваліць усіх палітычных зняволеных і стварыць умовы для таго, каб беларускія адвакаты не сутыкаліся з перашкодамі пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў у інтарэсах сваіх кліентаў.

«Беларускія калегіі адвакатаў не змаглі абараніць адвакатуру ў Беларусі і сталі прыладай дзяржаўнага парадку і рэпрэсій», — кажа Максім Палавінка, эксперт праекту «Права на абарону». «Замест гэтага яны сталі надзейным інструментам дзяржавы і праявілі больш чым гатоўнасць удзельнічаць у палітычна матываваных рэпрэсіях, накіраваных ўладамі супраць адвакатаў.»

 

Your tax deductible gift can help stop human rights violations and save lives around the world.

Region / Country